МегаПредмет

ПОЗНАВАТЕЛЬНОЕ

Сила воли ведет к действию, а позитивные действия формируют позитивное отношение


Как определить диапазон голоса - ваш вокал


Игровые автоматы с быстрым выводом


Как цель узнает о ваших желаниях прежде, чем вы начнете действовать. Как компании прогнозируют привычки и манипулируют ими


Целительная привычка


Как самому избавиться от обидчивости


Противоречивые взгляды на качества, присущие мужчинам


Тренинг уверенности в себе


Вкуснейший "Салат из свеклы с чесноком"


Натюрморт и его изобразительные возможности


Применение, как принимать мумие? Мумие для волос, лица, при переломах, при кровотечении и т.д.


Как научиться брать на себя ответственность


Зачем нужны границы в отношениях с детьми?


Световозвращающие элементы на детской одежде


Как победить свой возраст? Восемь уникальных способов, которые помогут достичь долголетия


Как слышать голос Бога


Классификация ожирения по ИМТ (ВОЗ)


Глава 3. Завет мужчины с женщиной


Оси и плоскости тела человека


Оси и плоскости тела человека - Тело человека состоит из определенных топографических частей и участков, в которых расположены органы, мышцы, сосуды, нервы и т.д.


Отёска стен и прирубка косяков Отёска стен и прирубка косяков - Когда на доме не достаёт окон и дверей, красивое высокое крыльцо ещё только в воображении, приходится подниматься с улицы в дом по трапу.


Дифференциальные уравнения второго порядка (модель рынка с прогнозируемыми ценами) Дифференциальные уравнения второго порядка (модель рынка с прогнозируемыми ценами) - В простых моделях рынка спрос и предложение обычно полагают зависящими только от текущей цены на товар.

ДЗЕ БЫЛА ЛЕТАПІСНАЯ ЛІТВА?





Пытанне аб месцазнаходжанні летапіснай Літвы - адно з сама важных у нашым даследванні. Сапраўды, дзе была тая зямля, імя якой пасля дало назоў адной з найбуйнейшых дзяржаваў у Эўропе? Гэтая праблема патрабуе дэталёвага разгляду, бо з яе заблытвання найперш і пачынаецца заблытванне гісторыі ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага.

У розныя гістарычныя перыяды пад Літвой разумелі не адну і тую ж тэрыторыю. Яшчэ ў канцы ХІХ ст. А.Качубінскі аспрэчваў тых вучоных, якія «сучаснае этнаграфічнае становішча Літвы ўзводзілі ў становішча дагістарычнае, ад веку непарушнае»[76]. На жаль, гэтая слушная думка была пакінута ў навуцы па-за ўвагай, і па-ранейшаму ў даследваннях і падручніках па гісторыі старажытная Літва ХІ-ХІІІ стст. (уласна Літва) атаясамліваецца з іншай гістарычнай вобласцю - Аўкштотай (Аўкштаціяй), якая займала ўсходнюю частку сучаснай Летувы[77].

Адной з прычын атаясамлівання летапіснай Літвы і Аўкштоты з'яўляецца тое, што апошняя ва ўсходнеславянскіх летапісах не згадваецца. Таму быў зроблены вывад, што яна выступае тут пад назовам Літвы[78]. Гэта стала агульнапрынятым, што і стрымлівала далейшае высвятленне пытання, дзе была летапісная Літва ХІ-ХІІІ стст. Даследнікі, замест таго каб уважліва прачытаць і прааналізаваць адпаведныя месцы летапісаў з мэтаю даць адказ на гэтае пытанне, бяздоказна паўтаралі: Літва - гэта Аўкштота. Аднак Літва ХІ-ХІІІ стст. - гэта зусім не Аўкштота і знаходзілася яна не там, дзе яе змяшчаюць даследнікі.

Адказ на пытанне, дзе была летапісная Літва, даюць галоўным чынам некаторыя запісы нашых летапісцаў. Паведамленні гэтыя, як убачым далей, пацвярджаюцца тапанімікай ды іншымі матэрыяламі.

Іпацеўскі летапіс пад 1159 г. паведамляе пра тое, што менскі князь Валадар Глебавіч «ходяше под литвою в лесех»[79], а пад 1162 г., што ён жа выступіў на свайго праціўніка «с литьвою»[80]. Адсюль бачна, што Літва знаходзілася па суседстве з Менскім княствам. Да такой сама высновы, грунтуючыся на тых жа летапісных звестках, прыйшоў і А.Насонаў[81].

Тэрыторыю, якая ляжала на захад ад Менска, як Літву паказвае, але ўжо з боку Новагародка (і гэта асабліва каштоўна), запіс Іпацеўскага летапісу пад 1262 г. Паведамляецца, што князь Войшалк «учини собе манастырь на реце на Немне, межи Литвою и Новымгородком»[82]. Як вядома, Войшалк заснаваў манастыр пры ўпадзенні ракі Валаўкі ў Нёман, там, дзе цяпер знаходзіцца в.Лаўрышава[83] (на паўночны ўсход ад Наваградка). Такім чынам, згодна з летапісам, на паўночны ўсход ад Лаўрышава, за Нёманам, у кірунку Менска знаходзілася Літва, што цалкам адпавядае летапісным звесткам 1159 і 1162 гг. Калі б пад Літвой тут разумелася Аўкштота, дык летапісец ніяк не сказаў бы, што заснаваны Войшалкам манастыр быў паміж Літвою і Новагародкам, бо Аўкштота знаходзілася ад Новагародка не ў паўночна-ўсходнім, а ў паўночна-заходнім кірунку.

Летапісная Літва была не толькі на правым, але і на левым беразе Нёмана. У 1190 г. князь Рурык Расціславіч намерыўся дапамагчы сваім родзічам - пінскім князям у барацьбе з Літвой і сабраўся ў паход на яе, але не здолеў дайсці туды, бо зрабілася цёпла і снег растаў, а ў гэтай балоцістай краіне толькі й можна ваяваць у моцныя халады[84]. З гэтага можна зрабіць выснову, што Літва была недалёка ад Пінскай зямлі, за яе балотамі. Пра гэта таксама сведчыць Іпацеўскі летапіс пад 1246 г. Ён паведамляе пра літву, якая, зрабіўшы набег на Перасопніцу (на Валыні), вярталася праз Пінскую зямлю назад, дзе была разбітая галіцка-валынскімі князямі[85]. У наступным годзе літва напала на Мельніцу і Лякоўню (таксама на Валыні) і зноў вярталася праз Пінскую зямлю, дзе таксама была разбітая[86]. У 1262 г. аддзелы літвы, пасланыя Міндоўгам на валынскія гарады, адступалі: адзін - у кірунку Ясельды[87], а другі - да Небля[88], г.зн. у бок Пінскай зямлі, як і ў папярэдніх выпадках. Паколькі кожны раз зваротны шлях «літвы» праходзіў праз Пінскую зямлю, то можна зрабіць вывад, што Літва знаходзілася дзесьці па суседстве з ёю. Так яно і было, што непасрэдна пацвердзіў Іпацеўскі летапіс. Пад 1253 г. у ім гаворыцца, як галіцка-валынскія князі, ідучы праз Пінск на Новагародак, сустрэлі на сваім шляху літву: «Й послаша сторожу литва на озеро Зьяте (дарэчы, у сярэдзіне ХVІ ст. пры перапісе пінскіх пушчаў яно ўжо называлася балотам[89]) и гнаше через болото до реки Щарье»[90]. «Старожа» звычайна высылалася для аховы межаў краіны. З гэтага вынікае, што Літва знаходзілася дзесьці на вышнявіне левай прытокі Нёмана - Шчары. Дарэчы, назоў гэты балцкага паходжання, азначае «вузкая»[91].

Гэтая Літва прыкрывала сабою Новагародскую зямлю з паўднёвага ўсходу, бо галіцка-валынскія войскі, перамогшы яе, «наутрея же плениша всю землю Новогородьскую»[92]. Пра такое ж месцазнаходжанне Літвы гаворыць і запіс Іпацеўскага летапісу пад 1255 г.: «Данилови же (Даніла Галіцкі) пошедшу на войну на литву, на Новогородок»[93]. Гэта значыць, што галіцкія войскі ішлі на Новагародак той жа дарогай, што і ў 1253 г., а менавіта праз Літву. Гэтыя факты, відаць, і мела на ўвазе Ф.Гурэвіч, калі зазначыла, што ў летапісных звестках пра Новагародак у 50-70-х гадах ХІІІ ст. «апавядаецца аб пранікненні галіцка-валынскіх князёў з Літвы ў гэты горад»[94]. У Т.Нарбута мы чытаем, што ў 1405 г. тураўскі біскуп Антоній са згоды Вітаўта хрысціў у Літве народ у праваслаўную веру[95]. Было незразумела, чаму менавіта тураўскі біскуп хрысціў Літву, якая, калі яе атаясамліваць з Аўкштотай, знаходзілася далёка ад Турава. Але ў святле папярэдне сказанага ўсё становіцца ясным. Літва была па суседстве з Турава-Пінскай зямлёй, і таму зусім натуральна, што яе хрысціў тураўскі біскуп.

Пра такое суседства сведчаць і археалагічныя даследванні. В.Сядоў на іх падставе лічыць, што дрыгавічы далей на поўнач ад Выганаўскага балота не жылі нават у параўнальна позні час[96]. Менавіта Выганаўскае балота было прыроднай мяжой паміж Пінскай зямлёй і летапіснай Літвою. Яно ж было прычынай і таго, што дрыгавіцкая каланізацыя летапіснай Літвы значна замарудзілася і таму апошняя магла так доўга праіснаваць. У згодзе з прыведзенымі фактамі знаходзіцца і паведамленне М.Стрыйкоўскага пра літву над Нёманам, «якая жыла ў пушчах і здаўна прыслужвала Наваградскаму княству»[97].

Характэрна, што на тэрыторыі, якая ў летапісах выступае пад назовам Літвы, да сённяшняга дня захаваўся тапонім «Літва». Населеныя пункты з такім найменнем мы сустракаем у Слонімскім (Гарадзенская вобл.), Ляхавіцкім (Берасцейская вобл.), Уздзенскім, Стаўпецкім, Маладэчанскім (Менская вобл.) раёнах. Гэта карэнныя назовы, якія супадаюць з летапісным назовам «Літва» і ёсць толькі ў паказаным рэгіёне. Іх трэба адрозніваць ад тапонімаў тыпу «Літвінава», «Літвінавічы», «Ліцвякі» і да іх падобных, якія сустракаюцца ў іншых мясцінах Беларусі, Расеі, Украіны. З'яўленне іх там звязанае з высяленцамі ў тыя мясцовасці. Адзін з такіх тапонімаў - «Літвілішкі» - выяўлены намі на тэрыторыі Аўкштоты (былая Мукснікаўская вол. Віленскага пав.). І побач з ім - тапонім «Мінчукі»[98]. Зразумела, што яны былі заснаваныя выхадцамі з летапіснай Літвы і суседняй з ёю Меншчыны.

Летапісныя дадзеныя і тапаніміка даюць магчымасць збольшага акрэсліць тэрыторыю Старажытнай Літвы. На поўначы яна межавала з Полацкім княствам па нёманскай Бярэзіне. (Пазней гэтую раку пераблыталі з дняпроўскай Бярэзінай, якую і лічылі мяжой Літвы з Руссю. Так, маскоўскія паслы, прад'яўляючы прэтэнзіі на беларускія гарады, гаварылі паслам Вялікага Княства Літоўскага: «...а рубеже был тем городам с Литовской землею по Березыню»[99]). Пра сумежжа тут літвы і крывічоў сведчаць і размешчаныя побач тапонімы «Літва» і «Палачаны» (Маладэчанскі р-н). Па гэтай жа Бярэзіне ішла паўночна-заходняя мяжа Літвы з Нальшчанамі. На ўсходзе Літва межавалася з Менскім княствам, заходні рубеж якога не ішоў далей за раку Ўсу (прыток Нёмана)[100]. На ўсходзе левабярэжжа верхняга Нёмана Літва ў глыбокай старажытнасці, відаць, суседнічала з балцкім племем лотвай, пра што сведчаць аднайменны гідронім (Капыльскі р-н) і тапонімы «Вялікая Лотва» і «Малая Лотва» (Ляхавіцкі р-н)[101]. Не выключана, што менавіта адсюль і пачалося рассяленне літвы і лотвы: першай - на паўночны захад, другой - на поўнач і паўночны ўсход[102]. Далей мяжа Літвы пераходзіла на р.Шчару, вялікая паўднёвая лука якой і была прыродным рубяжом Літвы на паўднёвым усходзе, поўдні і паўднёвым захадзе. Прыкладна па вышнявіне р.Мышанкі і нізавіне р.Валаўкі ішоў заходні рубеж Літвы, які ў больш старажытныя часы аддзяляў яе ад яцьвягаў.

Месцазнаходжанне Старажытнай Літвы: 1 - прыблізныя межы Старажытнай Літвы 2 - тапонім «Літва»

Для навукі мае прынцыповае значэнне высвятленне пытання, дзе была «Літва Міндоўга». У.Пашута паказваў яе ў Аўкштоце, на тэрыторыі, якая ўлучала гарады Вільню, Трокі, Кернаў, Дзялтуву, Укмерге[103]. Але на гэтай жа карце ён змяшчаў (праўда, з пытальнікам) г.Варуту, дзе, як адзначана ў летапісе пад 1252 г., бараніўся Міндоўг ад сваіх супраціўнікаў[104], на месцы сучаснага пасёлка Гарадзішча (Баранавіцкі р-н), што вельмі далёка ад Аўкштоты. У сувязі з гэтым узнікае пытанне, чаму Міндоўг бараніўся ад ворагаў не ў «Літве Міндоўга», а ў Новагародскай зямлі, чаму ён кінуў «сваю» Літву і прыйшоў шукаць абарону ў чужой зямлі. У.Пашута не ставіў гэтых пытанняў і, натуральна, не даў на іх адказу, як і не тлумачыў, чаму ён меркаваў, што Варута павінна быць на месцы сучаснага Гарадзішча.

Але ўся рэч у тым, што «Літва Міндоўга», як і ўся Літва, знаходзілася не ў Аўкштоце, а ў Верхнім Панямонні, дзе і Варута. Ужо летапіснае паведамленне, што «Даниил возведе на Кондрата литву Миндовга Изяслава Новогородского»[105], дае зразумець, што «літва Міндоўга» і Новагародак знаходзіліся блізка адзін ад другога. Відаць, гэта апошняе было прычынай таго, што Э.Гудавічус, які прысвяціў «Літве Міндоўга» спецыяльнае даследванне і які лічыць, што яна знаходзілася на поўдні сучаснай Летувы, нават не прыгадаў, дзе і ў якім кантэксце яна ўпамінаецца[106]. Блізкасць «Літвы Міндоўга» ад Новагародка дае магчымасць вызначыць (хоць прыблізна) месцазнаходжанне Варуты. Хаця яе атаясамліванне з сучасным Гарадзішчам не бясспрэчнае, аднак можа быць блізкім да ісціны. Мы з свайго боку пра месцазнаходжанне і назоў Варуты выказваем такое меркаванне. Між рэкамі Сэрвечам і Валоўкай ёсць невялічкая рэчка Рута і некалькі населеных пунктаў з такім найменнем. Магчыма, на месцы аднаго з іх і знаходзілася Варута. У першапачатковай рэдакцыі летапісу, створанай, як меркаваў У.Пашута[107], у Новагародку, магло быць напісана, што Міндоўг «вниде во град во Руту». (Паўтарэнне прыназоўнікаў характэрна для Новагародскага летапісу: «на реце на Немне», «за Домонтом за Нальшанским», «На Романа на Брянского»[108]). Пазнейшы рэдактар, устаўляючы Новагародскі летапіс у Галіцка-Валынскі, мог, не разабраўшыся, «во Руту» прыняць за адно слова і, зрабіўшы іншыя рэдакцыйныя змены, напісаць «вниде во град именем Ворута». Магчыма, што «Варута» знаходзілася на месцы сучасных Карэлічаў, якія размешчаныя на р.Рута і дзе ёсць гарадзішча[109].

Менавіта «Літву Міндоўга» разам з правабярэжнай Літвой і Нальшчанамі ваяваў у 1258 г. татарскі ваявода Бурундай[110]. Але Р.Батура мяркуе, што пад «зямлёй Літоўскай» у летапісе трэба разумець Новагародскае княства, якое нібыта ўжо належала Літве[111]. Аднак ён не ўлічыў таго, што гэтым часам Новагародак не атаясамліваўся з Літвой, пра што сведчыць згаданае вышэй летапіснае паведамленне пра заснаванне Войшалкам манастыра паміж Літвой і Новагародкам. У 1262 г. Міндоўг помсціў валынскаму князю Васільку за яго ўдзел у паходзе Бурундая нападам на валынскія гарады. Паказальна, што аддзелы «літвы» і гэтым разам адступалі праз Пінскую зямлю[112], што яшчэ раз сведчыць пра знаходжанне «Літвы Міндоўга» паміж Пінскай і Новагародскай землямі. З гэтага вынікае, што Бурундай мог ваяваць адзіную ў той час Літву, якая знаходзілася ў Верхнім Панямонні і з якой ён перайшоў у Нальшчанскую зямлю. Хоць апошняя пакуль што даследнікамі дакладна не лакалізаваная, аднак бясспрэчна, што яна, мяжуючы з Літвой, знаходзілася на паўночным захадзе сучаснай Беларусі. І калі Бурундай, рухаючыся з паўднёвага ўсходу, прайшоў праз Літву ў Нальшчаны, то лівонцы і рыжане, якія рухаліся з паўночнага захаду, праз Нальшчаны (durch Nalsen)[113] праніклі ў Літву. Гэтае яскравае супадзенне ў паказаннях Іпацеўскага летапісу і Лівонскай Рыфмаванай кронікі - яшчэ адно відавочнае сведчанне, дзе была старажытная Літва. Суседствам Новагародка і «Літвы Міндоўга» тлумачыцца факт з'яўлення апошняга ў гэтым горадзе, аб чым будзе гаворка ніжэй.

Было зроблена пярэчанне, што тэрыторыю, паказаную намі як Літву, з ІХ ст. займалі славяне і што тут з Х ст. існаваў старажытнабеларускі горад Ізяслаўль[114]. Аднак славяне на гэтым месцы, як і на ўсёй тэрыторыі Беларусі, не былі аўтахтонамі, бо да іх, як зазначае Ф.Гурэвіч, «тут жылі балцкія плямёны культуры штрыхаванай керамікі»[115]. На гэта паказваюць і археалагічныя помнікі, такія, як Гарадзішча (Баранавіцкі р-н), Карэліцкі тракт, Чарэшля (Наваградскі р-н), Бяздоннае, Кабакі, Ніз (Слонімскі р-н), Валожын (Валожынскі р-н), Дзяржынск, Навасады, Старая Рудзіца (Дзяржынскі р-н), Гарадзілава, Гарадок (Маладэчанскі р-н) ды інш.[116].

Трэба зазначыць, што першапачаткова ў канцы Х ст. хрысціянізацыі падпадала відаць толькі славянскае насельніцтва, а іншапляменнае пераважна заставалася ў паганстве[117]. Вось чаму астравы балцкага насельніцтва яшчэ доўгі час існавалі на тэрыторыі Беларусі, як, напрыклад, у раёне Абольцаў (Талачынскі р-н), Гайны (Лагойскі р-н) ды інш.[118]. Насельніцтва іх было ахрышчанае ў каталіцкую веру па ўмове Крэўскай вуніі 1385 г. Між іншага, гэтым і тлумачыцца, чаму ў Абольцах і Гайне былі пабудаваныя адны з першых у Беларусі касцёлаў. Не выключана, што насельніцтва гэтае, у тым ліку і старажытнай Літвы, абваколенае славянамі, у значнай ступені асімілявалася і было не столькі балцкім, колькі паганскім. Як убачым, Міндоўг і Войшалк спачатку былі паганцамі. Нездарма ж пазнейшы Хлебнікаўскі летапіс адрозна ад «Аповесці мінулых часоў»[119] змяшчае літву сярод славянскіх плямёнаў[120].

У святле пададзеных фактаў цяжка пагадзіцца з думкай, што найбольш раннія ўпамінанні Літвы адносяцца да ўсходняй, цэнтральнай і занямонскай частак сучаснай Летувы[121]. Гэта адхіляецца першым жа прыгадваннем Літвы пад 1009 г. у Кведлінбургскіх аналах. Ужо тое, што ў гэтай лацінамоўнай крыніцы назоў «Літва» выступае ў славянскай форме і што тут гаворыцца аб яе сумежжы з «Руссю» (in confinio Rusciae et Lituae)[122], сведчыць: гаворка тут можа ісці аб Літве ў Верхнім Панямонні, бо толькі ў такім разе яна магла межаваць з «Руссю», ад якой тэрыторыя сучаснай Летувы была адгароджана яцьвягамі[123].

Гэта ж пацвярджаюць і наступныя паведамленні аб Літве, звязаныя са згаданымі вышэй паходамі на яе Яраслава Мудрага ў 1040 і 1044 гг. У Я.Длугаша знаходзім дадатковыя звесткі аб гэтым, а менавіта тое, што кіеўскі князь «разбіў літву на палях слонімскіх (прыгадаем, што тут ёсць тапонім «Літва») і завалодаў ёю да Нёмана»[124], г.зн. захапіў яе левабярэжную частку. Прыведзеныя факты супярэчаць думцы, што тапонімы «Літва» ў названым намі рэгіёне з'явіліся ў выніку прасоўвання сюды пазней (калі менавіта, не ўказваецца) «літоўскіх» паселішчаў[125]. Аднак падзеі 1009, 1040 і 1044 гг. паказваюць, што ўжо ў ХІ ст. гэтая мясцовасць называлася Літвой.

Некаторыя даследнікі, каб даказаць знаходжанне старажытнай Літвы на поўдні сучаснай Летувы, з наймення рэчкі «Летаўка» (правы прыток Віліі ў раёне г.Кернаў) выводзяць назовы «Летува-Летава-Літва»[126]. Такая этымалогія, аднак, занадта сумнеўная, бо ў сама ранніх пісьмовых звестках, як і ў тапаніміцы, адлюстраваўся назоў «Літва», а не «Летува» і «Летава». Ва ўсякім разе нельга бачыць толькі паказаны спрэчны гідронім і не заўважаць цэлае гняздо адзначаных вышэй красамоўных тапонімаў «Літва» у Верхнім Панямонні. Нельга прызнаць удалай і спробу лакалізаваць на тэрыторыі сучаснай Летувы ўладанні літоўскіх князёў ХІІІ ст., згаданых у пісьмовых крыніцах[127]. Рэч у тым, што тапонімы, падобныя да імёнаў названых князёў, ёсць не толькі на тэрыторыі Летувы, але і ў іншых мясцінах, у прыватнасці ў Беларусі, як, напрыклад, Таўтвілы (Пружанскі р-н), Юткі (Мядзельскі р-н), Даўяты (Браслаўскі р-н), Руклі (Аршанскі р-н) ды інш. Спасылка Р.Батуры на грамату Міндоўга ад 1253 г.[128] не дадае аргументаў на карысць месцазнаходжання старажытнай Літвы ў Аўкштоце, бо ў гэтым дакуменце пералічаны землі, якія нібыта належалі Літве, але што разумелася пад ёй, тут не відаць. Тое ж датычыць і дамовы Гедзіміна за 2 кастрычніка 1323 г.[129] Ужо тое, што гэты князь, называючы сябе каралём Літвы, палічыў патрэбным у ліку іншых земляў, ад імя якіх ён учыніў дамову, назваць Аўкштоту і Жамойць, гаворыць аб іх такім агульнавядомым у тым часе найменні і што тытул караля Літвы, такім чынам, паходзіў не адсюль. Гэта ж пацвярджае і П.Дузбург, у якога Аўкштота паказана ў сувязі з падзеямі 1294-1300 гг. як «уладанне караля Літвы» (terra regis Litowia)[130], з чаго відаць, што Літва і Аўкштота - розныя на той час геаграфічныя паняцці. Як доўга яшчэ трымаўся назоў «Аўкштота» ўжо пад час існавання Вялікага Княства Літоўскага, сведчыць прыгадванне яе Вітаўтам у ягоным лісце за 11 сакавіка 1420 г.[131] Тое, што ў 1268 г. Нальшчаны названыя «правінцыяй Літвы»[132], не гаворыць аб пашырэнні назову апошняй на гэтую зямлю, а толькі аб прыналежнасці яе да Літвы, што і адпавядала сапраўднасці, бо Войшалк заваяваў яе разам з Дзяволтвай у 1264 г. Калі Вартбэрг паказаў Кернаў у Літве[133], дык гэта зразумела, бо ён пісаў сваю кроніку пасля 1378 г.[134], калі найменне «Літва» ужо замацоўвалася ў тым месцы. Выказана яшчэ думка, што з тэрыторыі, якая нібыта з'яўлялася цэнтрам утварэння «феадальнай Літоўскай дзяржавы» (г.зн. з усходу і цэнтра сучаснай Летувы), у пачатку ХІV ст. знік назоў «Літва» і заменены там назовам «Аўкштота»[135]. У такім разе незразумела, чаму гэтае найменне адтуль знікла і калі і чаму яно там зноў з'явілася і замацавалася.

Аднак усё адбывалася інакш: спачатку ўсходняя частка сучаснай Летувы называлася Аўкштотай, пра што тут могуць сведчыць і такія тапонімы, як Аўкштайцы, Аўкштыня, Гаўкштаны, Аўкштадворы, Аўкштэлі і да іх падобныя ў былых Быстрыцкай, Міляцкай, Міцкунскай, Няменчынскай, Рашанскай, Шырвінскай і Янішскай валасцях Віленскага пав., у Жосельскай, Алькенішскай і Сумілішскай валасцях Троцкага пав., у Аляксандраўскай воласці Лідскага пав. і ў Лынгмянскай воласці Свянцянскага пав.[136]. І толькі пазней у сувязі з перанясеннем сталіцы нашай дзяржавы ў Вільню на пачатку ХІV ст. назоў «Літва» паступова пашырыўся на яе ваколіцы і замацаваўся там. Але адначасова ён працягваў захоўвацца і на ранейшым месцы яшчэ цэлыя стагоддзі. У Магілеўскай кроніцы пад 1695 г. гаворыцца, што літоўскае пагранічча праходзіла недалёка ад Менска і Слуцка[137]. Наколькі гэтае найменне ў Верхнім Панямонні мела ўсеагульнае прызнанне (і нават афіцыйнае), можа служыць той факт, што дзекабрыст А.Бястужаў, жывучы ў 1821 г. на тэрыторыі сучаснага Валожынскага р-на, даў у Пецярбург такі свой адрас: «Литва, д.Выгоничи, в 40 верстах от Минска»[138]. Дзе знаходзілася ўласна Літва ў старажытнасці, добра ведаў і расейскі гісторык М.Надзеждзін: «Уласна ў «Літве» ёй (летувіскай мовай. - М.Е.) гавораць ужо вельмі нямногія, і менавіта: адно паселішча ў павеце Вілейскім, некалькі сёлаў у паветах Наваградскім і Слонімскім»[139]. Ў часы А.Міцкевіча Літвою называлі не сучасную Летуву (Жамойць), а пэўную частку беларускай тэрыторыі. Аднак апошняя насіла такое найменне не таму, што калісьці ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага[140], а таму, што менавіта тут і была ў далёкія часы ўласна Літва.

Са знаходжаннем летапіснай Літвы ў Беларускім Панямонні звязана і тое, што насельніцтва яго, асіміляваўшыся ў беларусаў, называла сябе па-ранейшаму ліцьвінамі. Пісьмовыя крыніцы адзначаюць гэта ўжо з канца ХІІІ-пачатку ХІV ст. Так, П.Дузбург, напрыклад, у сваёй кроніцы два разы (пад 1296 і 1305 гг.) піша пра змаганне нямецкіх рыцараў з літоўскімі і абодва разы заўважае, што апошнія былі «рускімі»[141], г.зн. толькі па назове былі ліцьвінамі, а па сутнасці з'яўляліся славянамі. У «Кроніцы Літоўскай і Жамойцкай» пад 1405 г. гаворыцца пра Андрэя Літвіна, які раіў Вітаўту не ісці на згоду з непрыяцелем, крыкнуўшы пры гэтым: «Не мири, Витавте, не мири»[142]. З прычыны гэтага Вітаўт празваў яго Нямірам, ад якога і род такі пайшоў. Як бачым, ні гэты ліцьвін, ні вялікі літоўскі князь не гаварылі па-летувіску. У інтэрмедыі драмы Георгія Каніскага «Воскресение мертвых» (1746) пад імем Літвіна выведзены беларускі селянін[143]. А.Міцкевіч (1798-1855), які нарадзіўся пад Наваградкам, сваю айчыну называў Літвой[144]. Нават беларускі пісьменнік ХІХ ст. В.Дунін-Марцінкевіч (1807-1884), якога аніяк нельга западозрыць у адсутнасці беларускай нацыянальнай свядомасці, лічыў, што ён вырас сярод ліцьвіноў[145]. Гэтак жа народзінец Гарадзеншчыны К.Каліноўскі, рэвалюцыйная дзейнасць якога прыпадае на 60-я гады ХІХ ст. і які заўсёды звяртаўся да свайго народа на беларускай мове, як правіла, называў родны край Літвой. Называе сябе ліцьвіном і адзін з герояў трылогіі Я.Коласа «На ростанях» (у ёй паказваюцца падзеі пачатку ХХ ст.) Баранкевіч, хоць ён і беларус[146]. Не будзем множыць аналагічныя прыклады, бо Я.Юхо пераканаўча паказаў, што найменне «Літва» на працягу многіх стагоддзяў адносілася да Беларусі і было, па сутнасці, яе гістарычным найменнем[147]. Толькі на пачатку ХХ ст., калі завяршыўся працэс утварэння беларускай нацыі, назоў «Беларусь» замацаваўся і за Беларускім Панямоннем, выцесніўшы адтуль найменне «Літва», якая з таго часу стала адносіцца толькі да сучаснай Летувы.

Цяпер коратка спынімся на некаторых іншых гістарычных абшарах і княскіх родах, якія прыгадваюцца ў крыніцах побач з Літвой. У дамове 1219 г. названы князі Булевічы і Рушкавічы. Наконт іх месцазнаходжання ўжо былі выказаны меркаванні. Так, І.Бяляеў паказваў без размежавання першых і другіх на тэрыторыі ад Віліі да Нёмана і Свіслачы і на ўсход да Бярэзіны дняпроўскай[148]. На жаль, ён не назваў ні крыніцы, ні меркаванняў, якія яму далі падставу для гэтай высновы. Апошнім часам Э.С.Гудавічус на падставе тапапімікі, якая асацыюецца з імёнамі булевіцкіх і рушкавіцкіх князёў, лічыць, што Булевічы валодалі Шаўляйскай зямлёй, а Рушкавічы - зямлёй Упітэ[149]. Аднак падобныя тапонімы ёсць і ў Беларусі (Булеўскае балота ды інш.)[150]. Намі было выказанае меркаванне, што Булевічы знаходзіліся па тэрыторыі Стаўпецкага р-на, бо там былі тапонімы Балевічы[151]. Гэта, як бачым, супадае са сцверджаннямі І.Бяляева. Булевічы толькі аднаго разу ўпамінаюцца ў летапісах, і таму магчыма, што летапісец не зусім дакладна перадаў іх імя. На гэтую думку наводзіць тое, што ў Нягневічах (Наваградскі р-н) ёсць рэчка з крыху незвычайным найменнем «Буловіч»[152]. Гэта не так далёка ад Стаўпецкага р-на і таму можа быць пэўным арыенцірам для лакалізацыі Булевічаў. Становіцца зразумела, чаму Міндоўг так жорстка абышоўся з булевіцкімі князямі, усіх іх знішчыўшы[153]. Падначаленне Булевічаў, якія знаходзіліся на яго шляху ад Новагародка ў Літву, адчыніла яму шлях да заваёвы апошняй. Адзначым яшчэ, што ў Памераніі ёсць населеныя пункты Bulitz, Bullen[154]. А гэта можа паказваць на заходнеславянскае паходжанне Булевічаў, тым болей што імёны іх князёў, як, напрыклад, Вішымут, належаць да славянскіх[155]. Магчыма, што Булевічы з усім сваім родам і князямі ўцяклі з заходнеславянскіх земляў, ратуючыся ад анямечвання і хрысціянізацыі, на тэрыторыі, дзе было яшчэ нямала паганскага насельніцтва.

Што да Рушкавічаў, то гэтае прозвішча празрыста славянскае. На карце Памераніі мы знаходзім Ruskewitz[156], што таксама можа паказваць на месца, адкуль яны прыйшлі. Імёны іх князёў - Кінцібут, Ванібут, Бутавіт, Віжэнік, Вішлій, Кіцэній, Плікасова, Хвал, Сірвіт - маюць славянскі характар[157]. Па-ранейшаму ў нас адсутнічаюць звесткі, якія б далі магчымасць больш-менш дакладна вызначыць месца іх княжання. Толькі па тапанімічных дадзеных, як спрабуе Э.Гудавічус, рабіць гэта нельга. Паколькі ў ХІІІ ст. Рушкавічы рабілі напады на Валынь, то мы схільныя лічыць, што іх уладанні былі па суседстве з Пінскай зямлёй. Відаць, з князямі старажытнай Літвы Булевічаў і Рушкавічаў звязвала найперш іх паганства.

Некалі Э.Вальтэр зрабіў спробу вызначыць месцазнаходжанне Нальшчанскай зямлі, якую ён паказваў на паўночным захадзе сучаснай Летувы[158]. Адным з крытэраў для такой высновы была наяўнасць там тапонімаў тыпу «Налішкі». Аднак, адшукаўшы такі ў Жамойці, даследнік зазначыў, што нічога агульнага з Нальшчанамі ён не мае. А гэта азначала, што й іншыя падобныя тапонімы нельга было ўпэўнена адносіць да Нальшчанаў. Прычынай няўдачы Э.Вальтэра было тое, што, атаясамліваючы старажытную Літву з сучаснай, ён не звярнуў увагі на сведчанні, якія супярэчылі гэтаму. Так, адзначыўшы, што ў нямецкіх крыніцах «Нальсен» і «Наліске» знаходзяцца ў сувязі з памежнай тэрыторыяй, як бы спрэчнай, не жамойцкай і не літоўскай, ён не заўважыў, што тут вельмі выразна паказана становішча Нальшчанаў як тэрыторыі, што раздзяляла Літву і Жамойць. Прыведзенае Вальтэрам паведамленне Рыфмаванай кронікі, што шлях лівонцаў у Літву на Міндоўга пралягаў праз Нальшчаны і што яны знаходзіліся на дарозе ад Дзвінска да Літвы, таксама пацвярджала месцазнаходжанне і старажытнай Літвы і Нальшчанаў. Але гэтыя сведчанні засталіся без уважлівага аналізу Э.Вальтэра. А.Кіркор атаясамліваў Нальшчаны з Гальшанамі[159]. Паводле Ў.Пашуты, Нальшчанская зямля займала ўвесь крайні паўночны захад сучаснай Беларусі і крайні паўднёвы ўсход сучаснай Летувы (ад Нёмана ніжэй за Горадню і да Заходняй Дзвіны ў раёне Даўгаўпілса і ад Крэва да Вільні)[160]. У нейкім сэнсе гэта слушна, але, на жаль, не патлумачана. Нальшчаны непасрэдна межавалі са старажытнай Літвой, як мы бачылі вышэй, і гэта дае падставу іх лакалізаваць на паўночным захадзе Беларусі. У некаторых месцах Рыфмаванай кронікі Нальшчаны маюць назоў «Альсен». Ён, магчыма, нямецкага (гоцкага?) паходжання, бо мог утварыцца ад слоў Aal (вугор) і Seen (азёры), што значыць «азёры, населеныя вуграмі». Калі так, то гэтая вобласць, відаць, займала тэрыторыю паўночна-заходняй часткі Беларускага Паазер'я, багатага на вугроў. Бясспрэчна, што карэннымі насельнікамі Нальшчанаў былі балты. Але, як вядома, гэта раён найбольш ранняга пранікнення славян-крывічоў, на што паказвае назоў «Крэва» і падобныя да яго. І таму Нальшчаны трэба адносіць да найбольш аславяненых да гэтага часу абшараў. Бадай, неправамерна залічаць Нальшчанскую зямлю да летапіснай Літвы, асабліва калі ўлічыць, што яе князі адсутнічалі ў валынска-літоўскай дамове 1219 г. Нездарма і нальшчанскі князь Даўмонт з усім сваім родам уцёк у Пскоў і там быў абраны князем. Пасля ХІІІ ст. назоў «Нальшчаны» знік, прынамсі ў пісьмовых дакументах. На іх тэрыторыі пазней утварылася Крэўскае княства.

Летапісны назоў «Дзяволтва» - мабыць, сцягнутая форма наймення «Дзевалотва», што можа гаварыць аб насельніках гэтай вобласці як адгалінаванні балцкага племя лотвы, што ў старажытныя часы насяляла цэнтральную і паўночна-заходнюю частку Беларусі[161], тым больш што ў Хлебнікаўскім летапісе Дзяволтва і названая Лотвай[162]. «Кроніка Быхаўца», створаная ў ХVІ ст., паказвае на існаванне Дзевалтоўскага княства[163], якое нібыта знаходзілася ў раёне Вількаміра. Няпэўнасць крыніц спарадзіла неразбярыху ў навуковай літаратуры нават аднаго і таго ж аўтара. Так, на карце, прыкладзенай да кнігі Ў.Пашуты «Героическая борьба русского народа за независимость» (1956), Дзяволтва паказана ў міжрэччы Нявежы і Швянтоі. А на карце «Земли и населенные пункты Древней Литвы» у кнізе Ў.Пашуты «Образование Литовского государства» на месцы Дзяволтвы паказана вобласць Упітэ, а асноўная частка тэрыторыі Дзяволтвы аднесена на ўсход ад ракі Швянтоі, туды, дзе звычайна паказваецца Аўкштота.

Праблема месцазнаходжання Аўкштоты таксама заблытаная. Нават нельга ўпэўнена сказаць, ці на тэрыторыі яе была Вільня, бо некаторыя даследнікі лічаць, што гэта гістарычная вобласць знаходзілася на захад ад Вільні. Тапаніміка сведчыць, што племя аўкштота займала прастору ў міжрэччы Меркіс і Стравы і міжрэччы Жаймяны і Швянтоі. Але наўрад яно жыло за правым берагам Швяйтоі, аж да р.Нявежыс, як гэта паказвае Ў.Пашута. У адной з нямецкіх кронік гаворыцца, што ў 1332 г. лівонцы зрабілі набег на Жмудзь (Жамойць) і дайшлі да Швянтоі. У наступным годзе яны зноў хадзілі на Жмудзь і дайшлі да Вількенбэрга (Укмерге)[164]. З гэтага можна зрабіць выснову, што заходні рубеж Аўкштоты не перасягаў Швянтоі.

Гаворачы аб месцазнаходжанні Жамойці, тэрыторыя якой цягнулася да Балтыйскага мора, мы хочам звярнуць увагу на наяўнасць значнай колькасці танонімаў тыпу «Жамойцішкі», «Жамайтэлі» і ім надобных у былых Бутрымонскай і Язненскай валасцях Троцкага, у Падбярэзскай, Рукойненскай, Янішскай валасцях Віленскага пав., у Аляксандраўскай, Беняконскай, Ганчарскай і Эйшышскай валасцях Лідскага, у Дубатоўскай воласці Свянцянскага, у Забрэскай і Суботнікаўскай валасцях Ашмянскага паветаў ды інш.[165]. Гэтыя тапонімы досыць сканцэнтраваныя і шчыльна абымаюць усходнія і паўднёва-ўсходнія межы сучаснай Летувы. Е.Ахманьскі заўважыў неадпаведнасць наймення «Жамойць» (нізкая зямля) таму геаграфічнаму становішчу, якое займае гэта вобласць, размешчаная на высокім месцы. І ён выказаў меркаванне, што гэты назоў паўстаў тады, калі жамойты сядзелі на нізінным месцы над р. Нявежай. Але адсюль іх нібыта выцеснілі аўкштоты, якія прыйшлі з ашмянскіх пагоркаў (адсюль і Аўкштота - высокая зямля). У выніку гэтага жамойты і засялілі сваю сучасную мясцовасць, выцесніўшы адтуль куронаў[166]. Так гэта ці не, але наяўнасць у адных і тых жа мясцінах жамойцкіх і аўкштоцкіх тапонімаў можа ў некаторай меры пацвярджаць гэту думку. Адначасова адсюль можна дапусціць, што ў нашых летапісах Аўкштота выступае над старым назовам сваёй тэрыторыі. І гэта найбольш верагодна, бо яшчэ ў канцы ХІХ і пачатку ХХ ст. жыхары ўсходняй Літвы нярэдка называліся жамойтамі, а летувіская мова - жамойцкай[167].

З разгледжанага бачна, што балцкія землі некампактна цягнуліся з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход ад Балтыйскага мора да вышнявіны Шчары. У даследваннях сцвярджаецца аб наяўнасці на гэтых землях ужо ў пачатку ХІІІ ст. адносна адзінай дзяржавы[168], сведчаннем чаго нібыта з'яўляецца дамова 1219 г. Аднак з гэтым цяжка пагадзіцца. У ёй упамінаюцца больш за 20 старэйшых князёў, што яскрава сведчыць аб выключнай раз'яднанасці гэтых земляў. Выраз «старэйшыя князі» адносіцца ў гэтай дамове не толькі да князёў Літвы, як гэта звычайна сцвярджаецца даследнікамі, але і да князёў усіх пералічаных тут земляў. Тое, што князі Літвы названыя першымі, яшчэ раз паказвае яе месцазнаходжанне ў Верхнім Панямонні. Яна была найбліжэй да Валыні і таму названая першай. Апрача таго, не звярталася ўвага на адсутнасць у гэтай дамове нальшчанскіх князёў. А гэта таксама не дае права гаварыць аб наяўнасці нават адносна адзінай дзяржавы на гэтых землях. Але самае галоўнае, гэтак званае адзінства было вынікам не нутранога развіцця, а вонкавага фактару: балцкія князі былі пакліканыя валынскімі князямі для барацьбы з палякамі і тым сама паказалі сябе ў якасці наймітаў.

На заканчэнне зноў вернемся да старажытнай Літвы. Найбольш важна тут будзе падкрэсліць, што яна ўрэзвалася клінам паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай землямі і побач з імі з'яўлялася адной з гістарычных абласцей Беларусі. Зразумела, што пры аб'яднанні гэтых земляў яна не магла не ўвайсці ў склад тэрыторыі Беларусі як адна з яе складовых частак. Не бачачы такога геаграфічнага становішча старажытнай Літвы, нельга зразумець, чаму яна ў сярэдзіне ХІІІ ст. апынулася ў фокусе палітычнага суперніцтва суседніх з ёю земляў, якія імкнуліся заваяваць яе, што было першым звяном у пашырэнні іх улады на іншыя землі. У гэтым суперніцтве атрымаў перамогу Новагародак, які і стаў цэнтрам утварэння новай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага.

ЛІТОЎСКІЯ НАБЕГІ І СЛАВЯНСКАЯ КАЛАНІЗАЦЫЯ

«Літоўскія набегі» гістарычная навука разглядае як фактар, які нібыта падрыхтаваў заваёву «літоўскімі феадаламі» беларускіх земляў. Даследнікі звычайна спасылаюцца для пацверджання гэтага на «Слова аб палку Ігаравым». Так зрабіў і Ў.Пашута. Зазначыўшы, што гэты твор паведамляе пра страту полацкімі князямі былых пазіцый у Літве і Падзвінні, ён падмацоўвае сваё меркаванне наступнымі радкамі: «И Двина болотом течет оным грозным полочаном под клики поганых. Един же Изяслав, сын Васильков, позвони своими острыми мечи о шеломы литовськыя, притрепа славу деду своему Всеславу, а сам под чрьлёными щиты на кроваве траве притрепан литовськими мечи... Не бысть ту брата Брячислава, ни другаго Всеслава...»[169] Як вядома, «Слова» не летапіс, а мастацкі твор. Таму перад даследнікам стаіць задача высветліць, якія гістарычныя падзеі адлюстраваныя ў гэтым месцы твора. Хутчэй за ўсё аўтар яго, гаворачы пра з'яўленне «паганых» на Дзвіне, меў на ўвазе падзеі 1167 г., калі вядомы нам менскі князь Валадар Глебавіч рушыў з сваім войскам, у складзе якога, як і ў 1162 г., магла быць літва, на Полацак, захапіў яго і пайшоў далей уздоўж Дзвіны на Віцебск, дзе яго напаткала няўдача[170]. Выкарыстанне полацкімі князямі літвы і ліваў як вайсковай сілы ў паходзе на Друцак мела месца і ў 1180 г.[171], незадоўга да напісання «Слова». Вось гэтыя і падобныя факты далі падставу аўтару «Слова» гаварыць пра з'яўленне «паганых» на Дзвіне. Але гэтыя факты сведчаць, што не сама літва прыйшла на Полаччыну, як звычайна сцвярджаецца, а была прыведзеная полацкімі князямі для барацьбы паміж сабой. Такія дзеянні былі характэрныя не толькі для полацкіх князёў. Кіеўскія князі ў міжусобнай барацьбе часта выкарыстоўвалі полаўцаў. За гэта аўтар «Слова» асуджае і кіеўскіх, і полацкіх князёў: «Ярославли (г.зн. кіеўскія князі) и вси внуци Всеславли (г.зн. полацкія князі)!.. Вы бо своими крамолами начасте наводити поганыя полкы на землю Рускую, на жизнь Всеславлю...» Вось гэтых слоў і не падаюць даследнікі, а якраз у іх і паказаная праўдзівая прычына з'яўлення «паганых» на Дзвіне.

Што да князя Ізяслава Васількавіча, які загінуў у барацьбе з літвою, то найперш трэба адзначыць, што гэта адзіны герой у «Слове», якога не ведаюць летапісы, і таму цяжка сказаць, дзе ён княжыў. Выраз «трубяць трубы гарадзенскія» яшчэ не дае падставы гаварыць, што ён быў князем у Гарадзені (сучасная Горадня), бо ў тым часе гарадоў з такім назовам было даволі шмат. Але, як паказвае «Слова», полацкі і віцебскі князі Брачыслаў і Ўсяслаў Васількавічы не падтрымалі свайго брата Ізяслава ў барацьбе з літоўцамі. Гэтым яно таксама пацвердзіла, што полацкія князі не былі ў варожых стасунках з літвою нават і тады, калі з ёю ваяваў іх брат. Такім чынам, «Слова» дае праўдзівую гістарычную карціну дачыненняў паміж Полацкам і літвой. І таму не маюць рацыі тыя даследнікі, якія вырываюць з тэксту «Слова» паасобныя месцы, каб пацвердзіць штучную канцэпцыю пра падначаленне літве беларускіх земляў.

І ўсё ж у першыя тры дзесяцігоддзі ХІІІ ст. у розных крыніцах зарэгістраваныя тры літоўска-полацкія канфлікты, на якіх у даследваннях асабліва завастраецца ўвага. Таму яны патрабуюць уважлівага разгляду, каб высветліць іх характар.

Першы з іх знайшоў адлюстраванне ў «Кроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага пад 1201 г. Тут сказана, што летоны, пасля таго як, прыйшоўшы ў Рыгу, учынілі мір з хрысціянамі, «наступнай зімою, спусціўшыся ўніз па Дзвіне, з вялікім войскам накіраваліся ў Семігалію. Пачуўшы, аднак, яшчэ да ўступлення туды, што кароль полацкі прыйшоў з войскам у Літву (Летонію), яны кінулі семігалаў і паспешліва адышлі назад»[172]. Найперш узнікае сумнеў, ці былі гэтыя «літоўцы» з тэрыторыі сучаснай Летувы, як гэта прынята лічыць, бо ім у такім выпадку не было сэнсу плысці па Дзвіне ў Семігалію, паколькі апошняя знаходзілася на левабярэжжы Дзвіны і на поўдзень ад яе была Летува ў сучасным разуменні і таму да семігалаў прасцей і бліжэй было дабрацца па сушы. Калі ж гэта былі сапраўды літоўцы, то яны жылі не на тэрыторыі сучаснай Летувы, а дзесьці далей на ўсход, побач з Полацкай зямлёй, ім у такім разе зручней было дабірацца да семігалаў па Дзвіне. Незразумела, чаму В.Данілевіч сцвярджаў, што вынікі гэтага паходу полацкага князя ў Літву невядомыя і што, маўляў, такія адзінкавыя спробы ўціхамірыць літву мала прыносілі карысці для Полацка[173]. Як ўжо відаць з вышэй пададзеннага ўрыўка, летоны, даведаўшыся, што полацкі князь пайшоў у іх зямлю, адмовіліся ісці ў Семігалію, бо менавіта за намер напасці на апошнюю як на ягонае ўладанне і помсціў Полацак паходам на Летонію. Такім чынам, тут яўна выявілася сіла Полацка і бяссілле Летоніі. Звяртаем увагу і на тое, што «Кроніка Лівоніі» засведчыла прыналежнасць Семігаліі Полацку.

Паводле Я.Длугаша, у 1216 г. літоўскія дружыны ўварваліся ў ваколіцы Полацка і сталі рабаваць іх. Яны нібыта былі разгромленыя і выгнаныя смаленскім князем Мсціславам Давыдавічам[174]. Такую магчымасць нельга адмаўляць. Якія б ні былі прыязныя дачыненні паміж суседнімі землямі, яны тым не менш не перашкаджалі спробе пажывіцца пры нагодзе за кошт суседа. А такая нагода ў 1216 г. магла з'явіцца. Полацкі князь у гэтым годзе сабраў войска, каб ісці на Рыгу, але раптоўна памёр. Таму літва, якая была ў складзе полацкага войска, магла выкарыстаць замяшанне ў Полацку і пачаць рабаваць пры адыходзе менавіта яго ваколіцы. Можна таксама дапусціць, што з прычыны часовай адсутнасці ў Полацку свайго князя палачане звярнуліся да смаленскага князя (які мог быць удзельнікам паходу на Рыгу і таму прысутнічаў тады ў Полацку), каб расправіцца з літоўцамі. І ўсё ж такога не было. Па-першае, наяўнасць літвы ў войску Ўладзіміра гаворыць пра шчыльны хаўрус Полацка з ёю ў гэтым часе. Па-другое, смаленскім князем тады быў не Мсціслаў Давыдавіч, а Ўладзімір Рурыкавіч, які княжыў тут у 1214-1219 гг.[175] Па-трэцяе, апошні таксама не мог бы прыйсці на дапамогу Полацку, бо тым часам удзельнічаў разам з іншымі князямі ў паходзе на Суздаль[176]. Усё гэта адмаўляе факт нападу на Полацак і разгром яго Мсціславам Давыдавічам у 1216 г.

Адзначаецца і яшчэ адзін факт, калі ў 1225 г. літва напала на Полацкую, Ноўгарадскую і Смаленскую землі. Сапраўды, у Лаўрэнцеўскім летапісе занатавана: «Тою же зимы воеваша Литва Новгородскую волость, и поимаша множество много христиан и много зла сотворише, воюя около Новгорода, и около Торопца и Смоленска, и до Полотьска, бе бо рать велика ака же не было от начала миру»[177]. Аднак у тым жа летапісе, паводле Акадэмічнага спіса, гаворыцца пра нашэсце літвы ў раён Тарапца і Таржка, а Полацак не называецца[178]. І гэты запіс больш праўдзівы, бо ён супадае з адпаведным запісам Ноўгарадскага І летапісу[179]. А каму, як не ноўгарадцам, лепш было ведаць, на каго ў гэтым выпадку нападала літва. Як бачым, усе тры факты, якімі аперуюць даследнікі дзеля пацверджання нападаў літвы на Полацак, малаверагодныя. І сапраўды, як ў ХІІ ст., так і ў ХІІІ ст. літва была зброяй у руках Полацка для барацьбы з суседнімі землямі. Больш за тое, каб кампенсаваць свае страты ў Ніжнім Падзвінні, якім завалодалі крыжакі, Полацак усё больш умацоўваў сувязь з літвой і свой уплыў на яе. Аб гэтым і сведчыць усё большы лік набегаў літвы на Пскоўскую, Ноўгарадскую і Смаленскую землі. Вось іх пералік паводле Пскоўскага, Ноўгарадскага і Суздальскага летапісаў: 1200 г. - на Ловаць да Налюця, 1310 г. - на Хадынічы, 1213 г. - на Пскоў, 1217 г. - на Шэлонь, 1223 г. - на Тарапец, 1224 г. - на Русу, 1225 г. - на Таржок і Тарапец, 1229 г. - на Любну, Марэву і Селігер, 1234 г. - на Русу, 1238 г. - на Пскоў, 1245 г. - на Таржок і Бежыцу, 1247 г. - на Пскоў, 1248 г. - на Зубцоў. Дарэчы, заўважым, што А.Сабалеўскі на падставе гэтых звестак зрабіў выснову, што Літва тады была не ля Вільні і Трокаў, а ў раёне Ўсвятаў, між Віцебскай і Смаленскай земляў[180]. Але ён не ўлічыў, што Ўсвяты, далей якіх за «літвой» не гналіся ноўгарадцы ў 1223, 1225 і 1245 гг., былі крайнім полацкім уладаннем, дзе яна і знаходзіла сабе надзейнае прыстанішча. Апрача таго, ён не ўзяў пад увагу, што пададзеныя ім словы літоўскага паходжання, як «твань», «нетра» і іншыя, сустракаюцца не толькі на Смаленшчыне, але і на ўсёй тэрыторыі Беларусі і ўсюды там, дзе ў далёкія часы жылі балцкія плямёны.

Аднак вернемся да разгляду так званых літоўскіх нападаў. Найперш заўважым, што не заўсёды летапісы адрознівалі «літву» ад суседніх народаў. Так, у Пскоўскім летапісе пад 1213 г. чытаем: «Изгнаша от себя псковичи князя литовьского Владимира Торопецкого»[181]. Такім чынам, нават князь з Тарапца, сын вядомага Мсціслава Ўдалога, называецца літоўскім. На жаль, даследнікі не звяртаюць увагі на такія дэталі. Калі ў разрад «літоўскіх» залічваўся князь з Тарапца, то гэта яшчэ ў большай ступені магло рабіцца ў дачыненні да полацкіх князёў. У свой час гісторык І.Бяляеў зазначыў, што ў летапісах літву атаясамлівалі з палачанамі, і пад літоўскімі набегамі разумеліся полацкія[182]. І хаця літва і палачане не заўсёды ўспрымаліся як адно, пра што сведчаць запісы ў Ноўгарадскім І летапісе пад 1191, 1198, 1258 і 1262 гг., аднак у выснове І.Бяляева ёсць вялікая доля праўды. Усе гэтыя набегі былі перш за ўсё інструментам полацкай палітыкі незалежна ад таго, хто ў іх браў большы ўдзел - палачане ці літва. Як паказваюць летапісы, у пераважнай бальшыні выпадкаў літва складала галоўны кантынгент полацкага войска і таму гэтыя набегі ў летапісах называліся набегамі літвы. Нельга згадзіцца з думкай, што яны прыносілі ўзбагачэнне князям Літвы, мэтай якіх было рабаванне, захоп палонных, жывёлы, што з'яўлялася адной з крыніц назапашвання багацця класа феадалаў, які ў тым часе фармаваўся там[183]. Бясспрэчна, што ўдзел у гэтых набегах не мог быць бескарыслівым. Аднак у цэлым яны не толькі не ўзбагачалі і не ўзмацнялі Літву, але яшчэ больш яе знясільвалі, бо, як правіла, пераважная бальшыня з іх канчалася паразай, стратай палонных і нарабаванага, вялікай колькасцю забітых. На жаль, усё гэта замоўчваецца ў даследваннях ва ўгоду штучнай схеме: Літва мацнела, Полацак слабеў. Такі сумны зыход мелі набегі 1200, 1210, 1225, 1229, 1234, 1245, 1248, 1253 гг., і толькі мала якія з іх ( у 1217 і 1223 гг.) былі больш-менш удалыя. Некаторыя паразы насілі яўна катастрафічны характар. Так, у 1225 г. загінула 2 тыс. «літвы» з агульнай колькасці 7 тыс., а ў 1245 г. Аляксандр Неўскі пад Тарапцом знішчыў больш за 8 князёў, а пад Жыжцом і ўсіх астатніх. А колькі ж тады загінула простых вояў? Пры такім стане рэчаў неразумна гаварыць, што гэтыя набегі прыносілі карысць Літве. Не, гэта магло быць толькі ў інтарэсах полацкіх феадалаў. У.Пашута лічыў, што пра падначаленае становішча палачан сведчыць Ноўгарадскі І летапіс, які пад 1258 г. паведамляе пра напад ужо не «полочан с литвой», як раней, а «литвы с полочаны» на Смаленск[184]. А крыху вышэй у сваёй кнізе гэты даследнік папракае той сама летапіс за тое, што ў паведамленні пра паход 1240 г. на Вендэн на першае месца ставіцца літва, тады як галоўную ролю там адыгралі немцы[185]. Гэтым сама аспрэчыў і свой уласны довад наконт стасункаў Полацка і літвы. Не меў рацыі Ў.Пашута і тады, калі сцвярджаў, што гэты паход на Смаленск быў «справай рук Таўцівіла»[186], які княжыў тады ў Полацку. Вядома, што яшчэ задоўга да Таўцівіла палачане хадзілі на Смаленск, а цяпер прымусілі ісці і яго. Што набегі літвы на Ноўгарад залежалі ад полацкай палітыкі, сведчыць і такі факт. Як толькі Полацак і Ноўгарад у 1262 г. учынілі мір, літва не толькі спыніла набегі на ноўгарадскія землі, але і стала разам з палачанамі дапамагаць ноўгарадцам, як, напрыклад, пры паходзе на Юр'еў супраць немцаў у 1262 г.[187]

Літву выкарыстоўвалі для аслаблення Галіцка-Валынскай зямлі і турава-пінскія князі. Пры канцы 20-х гадоў ХІІІ ст. дачыненні паміж Валынню і Пінскам настолькі абвастрыліся, што ўзнік канфлікт. Піняне ў 1227 г. захапілі г.Чартарыйск. У наступным годзе Даніла Галіцкі вярнуў яго назад. Пасля гэтага пінскі князь Расціслаў арганізаваў супраць яго кааліцыю князёў, у якой сярод іншых удзельнічалі тураўцы і новагародцы. Але яна пацярпела паразу, і Пінск падпаў пад уплыў Валыні, князі якой прымушалі пінянаў ваяваць з суседняй літвой. З свайго боку пінскія князі неаднаразова прапускалі літву праз свае землі для нападу на Галіцка-Валынскае княства. Пра сувязь пінскіх князёў з літвой сведчыць Іпацеўскі летапіс пад 1247 г., калі апісвае набег на Валынь літвы, якой спрыяў пінскі князь Міхаіл[188].

Як бачым, у навуцы непамерна перабольшана значэнне так званых літоўскіх набегаў. У даследваннях скрупулёзна падлічваецца іхная колькасць ды яшчэ без уліку іх вынікаў. І на падставе гэтага робяцца высновы пра літоўскі наступ на славянскіх суседзяў. Тым часам замоўчваецца славянская, перш за ўсё крывіцкая і дрыгавіцкая, каланізацыя балцкіх земляў. Што да літоўскіх набегаў на славянскія землі, то калі яны й былі, дык усё адно не маглі спыніць шырокай плыні крывіцкай і дрыгавіцкай каланізацыі ў балцкія землі.

Як паказваюць матэрыялы археалогіі, гідраніміі, тапанімікі, лінгвістыкі, балцкія плямёны (латыгола, лотва, літва, яцьвягі і інш.) засялялі амаль усю тэрыторыю Беларусі[189] да прыходу сюды славянаў на мяжы VІ-VІІ стст. па Нараджэнні Хрыстовым[190]. Славянскае засяленне ішло з некалькіх бакоў. Калі дрыгавічы рухаліся з поўдня на поўнач (ад Прыпяці да Дзвіны), то крывічы - па Бугска-Нёманскім міжрэччы з захаду на ўсход і паўночны ўсход[191]. З захаду, як сведчыць летапіс, прыйшлі і радзімічы. Трэба зазначыць, што апрача гэтых галоўных славянскіх насельнікаў Беларусі тут аселі і часткі іншых плямёнаў, дарогі якіх ішлі праз Беларусь, - севяран, славенаў, дулебаў. Усё гэта спрыяла больш інтэнсіўнай славянскай каланізацыі і асіміляцыі ранейшага насельніцтва. Працэс гэты, пачаўшыся, ужо не мог спыніцца і ішоў на працягу стагоддзяў. Хаця не выключана, што напачатку (і гэта заканамерна) славянская каланізацыя сустракалася з варожасцю карэннага насельніцтва, пра што могуць сведчыць разбураныя і пагарэлыя балцкія гарадзішчы. Аднак у далейшым сужыццё славянаў і балтаў працякала мірна. Славянская каланізацыя (і асіміляцыя) не ўсюды адбывалася раўнамерна. Асобныя астравы балцкага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі заставаліся аж да канца ХІV ст. Вось гэтая акалічнасць і дазволіла Е.Ахманьскаму ў яго працы аб летувіскай этнічнай мяжы на ўсходзе прапанаваць новую канцэпцыю ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага. Паводле яе, «цэнтральная Літва» (усход сучаснай Летувы), абапіраючыся на астравы балцкага насельніцтва, заваявала «заходнерускія землі». Неабгрунтаванасць гэтага сцверджання відавочная. Па-першае, паўстае пытанне, чаму «цэнтральная Літва» не магла зрабіць гэтага значна раней, калі славянскае насельніцтва было астраўным у моры балцкага. Па-другое, малаверагодна каб адрэзаныя вялізнай адлегласцю і сотнямі гадоў адзін ад аднаго, гэтыя балцкія рэшткі захавалі пачуццё адзінства паміж сабой. Па-трэцяе, незразумела, чаму гэтыя летувіскія плямёны, як лічыў іх Е.Ахманьскі, стварылі славянскую дзяржаву, у афіцыйным жыцці якой за пяць стагоддзяў існавання не прагучала ніводнага літоўскага слова. І апошняе (можа, самае галоўнае), крыніцы не прыводзяць аніякіх фактаў якой-небудзь падтрымкі «цэнтральнай Літвы» з боку балцкіх астравоў, як і наагул заваёвы ёю беларускіх земляў.

Найбольшым з балцкіх астравоў у Беларусі, відаць, і была Старажытная Літва. Хоць яна была абваколеная балотамі і пушчамі, славянская каланізацыя не абмінула яе. Тут гэты працэс пачаўся пазней і працякаў павольней. Калі канкрэтна ён пачаўся, сказаць цяжка, можна толькі выказаць некаторыя меркаванні. Вядома, што паўднёвая частка летапіснай Літвы была заваяваная Яраславам Мудрым у 1040-1044 гг., у выніку чаго быў заснаваны Новагародак. З гэтага часу, верагодней за ўсё, пачалася славянская каланізацыя левабярэжнай Літвы. У правабярэжнай, можна думаць, яна пачалася раней.

У Густынскім летапісе пад 1128 г. занатавана, што кіеўскі князь Мсціслаў паслаў свае войскі ў Літву да Ізяслаўля. Такім чынам, гэты горад, які знаходзіцца за 18 км на паўночны захад ад Менска, быў зафіксаваны летапісцам на літоўскай тэрыторыі. З летапісу таксама вядома, што Ізяслаўль (Заслаўе) узнік пры канцы Х ст.[192], што пацверджана і археалогіяй[193]. Значыцца, да гэтага часу крывічы і дрыгавічы, каланізаваўшы іншыя балцкія плямёны, назовы якіх засталіся невядомымі, падышлі да чарговага балцкага племя - літвы, усходняя мяжа рассялення якога, як мы высветлілі, праходзіла на захад ад Менска. Відаць, Ізяслаўль і быў адным з першых цэнтраў крывіцка-дрыгавіцкай каланізацыі Літвы. Можна меркаваць, што з канца Х ст. пачынаецца сужыццё беларускіх плямёнаў з літвою.

Крывічы былі сама блізкімі суседзямі балцкіх плямёнаў, з якімі больш за ўсё сустракаліся, што знайшло адлюстраванне ў называнні латышамі ўсяго славянскага імем сваіх спрадвечных суседзяў крывічоў - крэвамі (крээвс). Крээвс - рускі, Крээвссэме - руская зямля. Усё гэта сведчыць пра шматвяковыя сувязі балтаў і крывічоў[194].

Першапачатковы ўсходнеславянскі летапіс называе літву ў ліку народаў, якія давалі даніну Русі. Як паказана Л.Аляксеевым, даніна літвы ішла Полацкаму княству, з'яўляючыся адной з асноваў яго эканамічнай магутнасці[195]. Але гэта датычыць толькі правабярэжнай літвы, бо левабярэжная была пад уладай Кіева.

Літва паступова стала адной з крыніцаў ваеннай магутнасці полацкіх князёў. Гісторык І.Бяляеў лічыў, што Ўсяславу Брачыславічу ўдалося ў 1071 г. вярнуць сабе полацкі пасад з дапамогай літвы. Але асабліва шчыльныя сувязі з ёй трымала суседняе Менскае княства. Глеб Менскі ў 1104 г. адбіў паход кааліцыі ўкраінскіх князёў таму, што выкарыстаў, відаць, літву. Хаўрус з ёю быў падставаю шырокіх палітычных планаў Глеба. Можна з упэўненасцю казаць, што прынамсі ад пачатку ХІІ ст. летапісная літва была сталым ваенным хаўруснікам полацкіх князёў. Вось чаму пасля пераможнага паходу кіеўскіх князёў на Полаччыну ў 1128 г. і высылкі яе князёў у Візантыю ў 1129 г. адбыліся іх паходы на літву (1130, 1132 гг.). А Густынскі летапіс называе паход кіеўскіх князёў у 1128 г. паходам на літву да Ізяслаўля, тым самым раскрываючы дужкі гэтай «Літвы». Магчыма, што і паходы 1130 і 1132 гг., якія ў летапісах паказваюцца як паходы на літву, таксама былі паходамі на Ізяслаўль, які тым часам заняў месца Менска, далучанага часова да кіеўскіх уладанняў. Ізяслаўль, відаць, і абараняла войска, набранае з літвы, якая жыла вакол гэтага горада.

Іпацеўскі летапіс, гаворачы пра падзеі 50-60-х гадоў ХІІ ст., паказвае, адкуль менскія князі бралі дадатковыя сілы для барацьбы з полацкімі князямі. Адзін з сама непакорных - Валадар Глебавіч - у 1159 г., адмовіўшыся мірыцца з полацкім князем Рагвалодам, «ходяше под литвою в лесах», г.зн. збіраў там сілы для барацьбы і ў 1162 г. з літвою нанёс цяжкую паразу палачанам.

Але калі да 70-х гадоў ХІІ ст. літва выкарыстоўваецца галоўным чынам менскімі князямі ў барацьбе з Полацкам, дык пачынаючы з 80-х гадоў яна служыць інтарэсам усёй Полацкай зямлі. Характэрна, што ў 1180 г. пад Друцак літву прывялі не суседнія з ёю менскі і ізяслаўскі князі, а палачане. Гэта сведчыць пра ўмацаванне сувязі літвы з усёй Полацкай зямлёй, а не толькі з асобнымі яе ўдзеламі, як было раней. Ноўгарад добра бачыў, што вайсковае сілкаванне Полацка ідзе ад літвы, і таму імкнуўся пасварыць іх паміж сабой. Спроба гэта была зробленая яшчэ ў 1191 г. Тады ноўгарадцы намерыліся навязаць палачанам паход на літву. Праўда, У.Пашута зазначыў, быццам гэта палачане хацелі ў асобе ноўгарадцаў знайсці сабе хаўруснікаў супраць літвы і нават эстаў. Памылковасць гэтага меркавання відавочная: палачанам ніколі не было патрэбы ваяваць з літвой і тым больш з эстамі, якія былі суседзямі ноўгарадцаў, а не палачан. Апошнія разумелі, што ісці на літву - усё адно, што секчы сук, на якім сядзіш. І таму не толькі адмовіліся ад паходу на яе, але ў 1198 г., як паведамляе Ноўгарадскі І летапіс, прыйшлі з ёю ваяваць Вялікія Лукі.

У сувязі са славянскай каланізацыяй балцкіх земляў стаіць пытанне з'яўлення агульных полацка-літоўскіх князёў. Беспасярэдняе суседства, працяглае гістарычнае сужыццё беларускіх і балцкіх плямёнаў не маглі не прывесці да сваяцкіх дачыненняў паміж полацкімі і літоўскімі князямі. І.Бяляеў на падставе летапіснага паведамлення, якое сведчыла, быццам пры нараджэнні славутага полацкага князя Ўсяслава Чарадзея прысутнічалі «валхвы», рабіў вывад, што маці гэтага князя была ліцьвінкай і сам Усяслаў быў напалову ліцьвінам. Аднак справа не толькі ў сваяцтве. Полацкія князі, якія адрозна ад князёў іншых усходнеславянскіх земляў маглі княжыць толькі ў Полацкай зямлі, страціўшы з той ці іншай прычыны свой пасад, уцякалі ў літоўскія землі. Вядома, што ў 1129 г. не ўсе полацкія князі былі ўзятыя ў палон і адпраўленыя ў Візантыю. Некаторыя з іх пазбеглі гэтага і, можна думаць, знайшлі сабе прытулак у Літве. Відаць, адным з іх быў Васілька Святаславіч, які ў 1132 г. пасля выгнання з Полацка кіеўскага стаўленіка Святаполка адразу стаў тут князем. За такі кароткі час ён, вядома, не мог прыехаць з Візантыі. Полацка-літоўскім князем быў і Гердзень - сын полацкага князя Давіда Расціславіча, чаго не адмаўляе сучасная навука[196]. Такім чынам, перш чым стаць «літоўскім» князем у Полацку каля 1265 г., Гердзень быў полацкім князем Нальшчанаў. Беларускія гісторыкі ХІХ ст. М.Без-Карніловіч[197] і А.Кіркор[198] даводзілі, што Гердзень быў бацькам вялікіх князёў літоўскіх Віценя і Гедзіміна.

З паходжаннем апошніх звязанае пытанне ўтварэння Віленскага ўдзела Полацкага княства, што адбылося, відаць, на пачатку ХІІ ст. Васкрасенскі летапіс паведамляе, што пасля 1129 г. «вильняне взяша ис Царяграда князя полотского Ростислава Рогволодовича детей: Давила князя, да брата его Мовколда князя»[199]. Давіл (магчыма, Давід) і быў першым віленскім князем, ад яго ў далейшым, як сведчыць гэты летапіс, паходзяць Гердзень (Ердзень), Віцень і Гедзімін. Гэта тым болей верагодна, што, як гаварылася вышэй, крывічы ішлі з захаду па Нёмане і Вільня магла быць адным з першых буйных крывіцкіх паселішчаў на новым месцы. Нездарма ж нямецкі краніст П.Дузбург у пачатку ХІV ст. прыгадваў Крывіцію[200], якая, на думку П.Шафарыка, знаходзілася на поўнач ад Новагародка, дзе шмат тапонімаў накшталт «Крэва» і «Крывічы»[201]. Не выключана, што гэтыя крывічы былі паганцамі. Сапраўды, у «Жыццяпісе трох віленскіх пакутнікаў» гаворыцца пра трох знатных ліцьвіноў, якія ў першай палове ХІV ст. паплаціліся жыццём за прыняцце праваслаўя. Але імёны іх - Круглец, Кумец і Няжыла - чыста славянскія.

Мы лічым, што зусім неправамерна ставіць Васкрасенскі летапіс у адзін шэраг з гістарычна-публіцыстычнымі творамі ХVІ ст., дзе тэндэнцыйна перайначвалася гісторыя Вялікага Княства Літоўскага[202]. Вядома, як і кожная крыніца, запіс пра першых віленскіх князёў патрабуе крытычнага падыходу, аднак, на нашу думку, у ім шмат праўдзівага. У.Пашута лічыў вартым увагі сведчанне гэтага летапісу пра сына Гердзеня цвярскога біскупа Андрэя і тым сама прызнаў праўдзівасць яго[203]. Навошта ж тады адмаўляць іншыя звесткі гэтага летапісу, якія не супярэчаць дадзеным сучаснай гістарычнай навукі? Хіба не мог узнікнуць Віленскі ўдзел Полацкага княства і хіба не маглі вільняне ўзяць сабе полацкіх князёў, калі вядома, што Вільня, заснаваная крывічамі, доўгі час мела назоў Крывы Горад, ці Крывічгорад, і магчыма ўжо ў ХІ ст. была адной са сталіц крывічоў[204]? Чаму не маглі паходзіць вялікія літоўскія князі Віцень і Гедзімін ад віленскіх князёў? Чамусьці не зважаюць на тое, што браты Гедзіміна мелі відавочна славянскія імёны Віцень і Воін. Таксама няма падставаў лічыць імя Гедзімін летувіскім. Некалі В.Юргевіч назваў кур'ёзам імкненне шукаць паходжанне імёнаў Ягайла, Кейстут, Гедзімін, Свідрыгайла, Скіргайла, Войшалк, Вітаўт ды іншых у летувіскай мове. Шляхам філалагічнага аналізу ён паказаў славянскае паходжанне імёнаў літоўскіх князёў[205].

Полацкія князі, апынуўшыся на балцкіх землях, у паганскім асяроддзі, з палітычных меркаванняў прыкідваліся паганцамі, пра што слушна гаварыў А.Кіркор[206]. У сувязі з гэтым заслугоўвае ўвагі тое, што ў пераліку балцка-літоўскіх князёў у дамове 1219 г. сама першы і сама старэйшы з іх носіць славянскае імя Жывінбуд. Гэтак жа і літоўскія князі (Міндоўг, Войшалк, Даўмонт, Таўцівіл і інш.), апынуўшыся на княскіх пасадах у суседзяў славянаў, прымалі праваслаўе. Відаць, ні полацкія, ні літоўскія князі не вызначаліся рэлігійным фанатызмам і таму па некалькі разоў мянялі сваю веру дзеля палітычных інтарэсаў (Міндоўг, Таўцівіл). Тое, што Воін стаў полацкім князем, таксама сведчыць пра ягоную прыналежнасць да роду полацкіх князёў (полацкае веча не прымала князёў чужых дынастый). А гэта ў сваю чаргу пацвярджае, што ягоныя браты Віцень і Гедзімін таксама паходзяць з роду полацкіх князёў. Такім чынам, можна з вялікай доляй упэўненасці сказаць, што з канца ХІІІ ст. у Вялікім Княстве Літоўскім запанавала полацкая княская дынастыя.

Гаворачы пра ўзаемадачыненні хрысціянства і паганства, трэба ўлічваць яшчэ адну акалічнасць. Пашырэнне хрысціянства на беларускіх землях было далёка не мірным працэсам. Яно суправаджалася ўзмацненнем феадальнай эксплуатацыі. А гэта не магло не выклікаць супраціву сялянства, які часам набываў форму барацьбы з хрысціянствам. Трэба думаць, што нямала было сялянаў, якія, ратуючыся ад феадальнага прыгнёту і звязанага з ім хрысціянства, уцякалі ў балцкія землі і там доўгі час заставаліся паганцамі. Таму пашырэнне хрысціянства на беларускіх землях пэўным чынам спрыяла славянскай каланізацыі на балцкіх землях. Доўгі час заставаліся паганцамі і асіміляваныя балты. Усё гэта дае падставу меркаваць, што прыналежнасць да паганства не была выключнай адзнакай балтаў не толькі ў ХІ-ХІІ, але і ў ХІІІ-ХІV стст. і нават на пачатку ХV ст. Гэтым, відаць, тлумачыцца тое, што ў асяроддзі беларусаў аж да ХХ ст. у значна большай ступені, чым у іншых славянскіх народаў, захаваліся перажыткі паганства.

Полацкая каланізацыя, якая ішла галоўным чынам па р.Віліі ўглыб балцкіх земляў, спрыяла далейшаму росту Крывога Горада - Вільні, што ўздымала значэнне віленскіх князёў. Новагародак мог быць цэнтрам Вялікага Княства Літоўскага да таго часу, пакуль яно не выходзіла за межы Нёманскага басейна. З пашырэннем дзяржавы ўсё больш акрэслівалася яго невыгоднае размяшчэнне - ізаляванасць ад іншых земляў, асабліва тых, што ляжалі ў Дзвінскім басейне.

У гэтым дачыненні становішча Вільні было лепшае. Размешчаная на скрыжаванні важных гандлёвых шляхоў, у тым ліку і на Віліі, якая злучала яе з Полацкай зямлёй, яна ўсё больш набывала цэнтральнае значэнне ў дзяржаве. «Яшчэ да часу княжання Гедзіміна Крывы Горад развіўся ў такое значнае паселішча, што Гедзімін палічыў патрэбным перанесці сюды сталіцу Вялікага Княства Літоўскага»[207]. Няма падставы сцвярджаць, што адной з прычынаў перанясення сталіцы ў Вільню было тое, што яна размешчаная «ў цэнтры карэннай літоўскай зямлі, цэнтры народнасці»[208]. Па-першае, што разумець пад «карэннай літоўскай зямлёй»? Ёю была зямля летапіснай літвы, якая, як мы бачылі, знаходзілася ў Верхнім Панямонні, абваколеная славянскімі землямі. Па-другое, Аўкштота і Нальшчаны ўжо даўно з'яўляліся аб'ектам крывіцкай каланізацыі, вынікам чаго і было ўзнікненне Крывога Горада - Вільні, які, паводле дадзеных археалогіі, «быў заснаваны крывічамі пад час пашырэння тэрыторыі Полацкага княства ў раннюю феадальную эпоху на захад»[209]. Таму становішча Вільні вызначалася не тым, што яна была цэнтрам «карэннай літоўскай зямлі», а тым, што гэта быў адзін з даўных і найбуйнейшых цэнтраў крывіцкай каланізацыі балцкіх земляў. Праўда, побач з крывіцкім там жыло і карэннае насельніцтва, стаяла свяцілішча паганскага бога Пяркунаса, аднак усё гэта ўжо не было вырашальным фактарам. Тут, як і паўсюдна на балцкай тэрыторыі, куды пранікала крывіцка-дрыгавіцкая каланізацыя, працягваўся інтэнсіўны працэс асіміляцыі. Наколькі ён быў моцны, сведчыць і тое, што ў летапісе, дзе апавядаецца пра заснаванне Гедзімінам Вільні (як мог летувіс даць ёй славянскі назоў?), Вілія ўжо не называецца па-летувіску Нярысам[210]. А.Качубінскі памыляўся, калі меркаваў, што беларуская мова пашырылася на захад ад Вільні толькі ў апошнія дзесяцігоддзі ХІХ ст.[211], бо ўжо ў кнізе, выдадзенай у 1861 г., гаворыцца, што ў прасторы паміж Вільняй і Трокамі просты народ, г.зн. карэннае насельніцтва, гаворыць па-беларуску[212]. Але А.Качубінскі зусім слушна заўважаў, што Віленская губерня... уваходзіць у тэрыторыю беларускага племя і сама Вільня ўжо за рубяжом літоўскім[213]. Такі вынік быў перадвызначаны яшчэ ў ХІ-ХІІІ стст. заснаваннем Вільні ды іншых крывіцкіх калоній у Нальшчанах і Аўкштоце.

Такім чынам, перанясенне сталіцы Вялікага Княства Літоўскага з Новагародка ў Крывы Горад - Вільню - было вынікам крывіцка-дрыгавіцкай каланізацыі ўглыб балцкіх земляў. Яно сведчыла таксама, што на першае месца ў гэтай дзяржаве выходзіла Полаччына. А гэта выклікала змену новагародскай дынастыі на полацкую. У святле пададзеных фактаў нельга пагадзіцца з сцверджаннем пра «паступовае пранікненне»[214] і «наступленне Літвы на Русь»[215]. Фактычна пад націскам славянскай каланізацыі адбываўся адваротны працэс. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага не толькі не спыніла, а, наадварот, яшчэ больш паскорыла асіміляцыю балцкага насельніцтва. Ф.Д.Гурэвіч лічыць, што прасоўванне межаў беларускай мовы ў зону пашырэння балцкіх археалагічных помнікаў, відаць, адносіцца да ХІV ст.[216], г.зн. да таго часу, калі ўжо ўтварылася Вялікае Княства Літоўскае. І ў гэтым нічога дзіўнага няма, бо ў новаўтворанай дзяржаве беларуская культура была панавальнай, а беларуская мова - дзяржаўнай. Таму нельга пагадзіцца з думкаю, нібыта Беларусь у Вялікім Княстве Літоўскім была падначаленай[217] і займала ў ім нераўнапраўнае становішча[218]. У такім выпадку становіцца незразумелым, чаму падначаленая, эксплуатаваная і нераўнапраўная краіна ўвесь час пашырала сваю тэрыторыю, а панавальная, якой лічыцца Летува, траціла сваю тэрыторыю і насельніцтва. Усё гэта гаворыць за тое, што беларускі народ у Вялікім Княстве Літоўскім прадаўжаў тварыць сваю гісторыю, развіваў сваю культуру, а не рабіў толькі ўклад у чужую гісторыю[219].

Тое, што ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага паспрыяла славянскай каланізацыі балцкіх земляў і асіміляцыі іх насельніцтва, што панавальнай культурай у ім стала беларуская і дзяржаўнай мовай беларуская, характарызуе гэтую дзяржаву як славянскую. Такім чынам, не так званыя «літоўскія набегі на заходнерускія землі», а славянская каланізацыя балцкіх земляў была вызначальным фактарам ва ўтварэнні Вялікага Княства Літоўскага.





©2015 www.megapredmet.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.